Сцэнарый фальклорнага свята: «Добра ў бабулі». Сцэнарый фальклорнага свята

Сцэнарый фальклорнага свята для дзяцей 5–6 гадоў, прысвечанае народнаму святу Шчадрэц – NG-PRESS.BY

 

Святлана ПЕТРЫМАН,
намеснік загадчыка
ДУА “Яслі-сад г.п.Мір” Карэліцкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Праграмныя задачы: далучыць дзяцей да беларускай культуры, традыцый, да багацця беларускай мовы; развіваць творчыя здольнасці; выхоўваць устойлівую цікавасць да беларускіх народных свят; выхоўваць пачуццё гонару за культурны патэнцыял свайго народа, жаданне стаць носьбітамі культурнай спадчыны.

Матэрыял і абсталяванне: народныя касцюмы для дзяцей-калядоўшчыкаў, гаспадароў-дарослых, касцюм Казы, калядная зорка, дэкарацыі вясковай хаты (печ, акно, стол пад абрусам, лавы, куфар, гліняны посуд і г.д.).

 

Ход свята

          За сталом вясковай хаты сядзіць гаспадыня (дарослая), матае ніткі з верацяна на клубок. Выходзяць зазывалы (дзеці):

Зазывала 1:

Добры вечар добрым людзям!
Віншуем з Новым годам! З Новым годам і ўсім родам!
Са святачкамі! З Калядачкамі!

Зазызвала 2:

Стаіць церам вышэй палацаў,
А ў тым цераме – тры акенцы:
Першае – ясны месяц, другое – чырвонае сонца, трэцяе – дробныя зоркі.
Ясны месяц – пан Васіль, чырвонае сонца – яго жонка,
Дробныя зоркі – яго дзеці.

Зазывала 1:

Запрашаем вас да іх на Шчадрэц
Хто ў госці загляне – той маладзец!
Каўбаскай пачастуецца, куцці паспрабуе
Ды з песнямі, гульнямі пасвяткуе!

 

          Зазывалы разыходзяцца ў розныя бакі і выходзяць з залы. На сярэдзіну залы выходзіць хлопчык Пятрок.

 

Пятрок:     

Я – малы хлопчык, узлез на ўслончык
У дудачку граці, Хрыста забаўляці.
Дзеці селі есці, а мне недзе сесці.
Я – хоп за пірог, уцёк за парог.
Мяне дзеці дагналі, за чубок надралі
Пірог адабралі.
Пайду да таткі Васіля пірага папрашу.

 

          Пятрок заходзіць у хату. Гаспадыня звяртаецца да хлопчыка:

 

Гаспадыня: Ой, гарэза, дзе ж ты быў? Што ты бачыў, што рабіў?

Пятрок: Матулечка, я па вуліцы налятаўся, вельмі прагаладаўся. Хачу падсілкавацца, каўбаскай пачаставацца. А што гэта ты робіш?

Гаспадыня: Пацярпі крышку. Хутка за стол усе разам сядзем. А я ніткі ў клубочкі звіваю. Бачыш, колькі многа клубочкаў, цэлае рэшата. Гэта каб бульба ў гэтым годзе ў нас добра зарадзіла.

Пятрок: А дзе тата і Аленка?

Гаспадыня: Яны па сена пайшлі. Трэба ж святочны стол накрываць, куццю з печы даставаць.

 

          Заходзіць у залу гаспадар Васіль (дарослы) і дзяўчынка Аленка (дзіця), нясуць сена.

 

Гаспадар: Абрус расцілайце, куццю даставайце. Будзем багатую куццю спрабаваць, Новы год сустракаць.

 

          Гаспадар на стале расцілае сена, гаспадыня зверху стол накрывае белым абрусам.

 

Гаспадар: Матуля, ты тут стол накрывай, а мы з дзецьмі пойдзем сад абвязваць.

Аленка: Тата, а навошта яго сёння абвязваць?

Гаспадар: Таму што ёсць такая прыкмета: калі на шчодрую куццю нявымалачанай саломай дрэвы абвязаць, дык яны дадуць столькі пладоў, колькі зярнят у каласах.

 

          Падыходзяць да дрэва (макет), гаспадар абвязвае дрэва і прыгаворвае:

 

Гаспадар:

Дай, Божа, каб яблынька зяляненька цвіла
Ды белым цветам, ды шырокім лісцем.
Дачакалася вясны дя цёплага лецечка,
Ды ўрадзіла, ды дзетак маіх карміла!

 

          Дзеці і гаспадар кланяюцца дрэву і варочаюцца дадому.

 

Гаспадар: А цяпер, дзеткі, бярыце галінкі дуба і утыкайце ў вокны і дзверы.

Пятрок: А навошта гэта, татка?

Гаспадар: А гэта каб гаспадарка наша была моцная і здаровая, як дуб.

 

          Утыкаюць прыгатаваныя галінкі.

 

Гаспадар: Дай, Божа, у полі – ядром, у двары – дабром, на лузе – стогам, на гумне – капамі, у клеці – карабамі, у печы – пірагамі.

Гаспадыня: Ну, сядайце куццю багатую спрабаваць, Новы год сустракаць.

Гаспадар: Трэба Мароза куццёй пачаставаць, каб не марозіў ён ні нашых палеткаў, ні малых дзеткаў.

 

          Гаспадар кладзе лыжку куцці на талерачку, падыходзіць да акна, стукае:

 

Гаспадар: Мароз, мароз, хадзі куццю есці. Частуйся, наядайся, ды за шчокі не кусайся.

 

          У гэты час заходзяць у зал госці (дзеці) з Каляднаю зоркаю, з “Казою” (дзіця), спяваюць песню “Святыя калядкі”.

 

Святыя калядкі да нас прыйшлі,
Зорка з Бэтлегэму запаліла агні.

Прыпеў:
Святыя калядкі, бліны ды аладкі,
Куцця на стале, каляда на дварэ.

У вялікай куцці падсохлі вярхі,
Вячэрай здымай і курам аддавай.

Прыпеў

На першую лыжку мароз запрашай.
Табе ён спрыяе багаты ўраджай.

Прыпеў

Багатай куццёй шчодры вечар спявай,
За добрыя песні ласункі збірай.

Прыпеў

Багатай куцёй ты свой лёс запытай, –
Каляднае шчасце сваё забірай.

Прыпеў

Святыя Калядкі да нас прыйшлі
Зорка з Бэтлегэму запаліла агні.

Прыпеў.

 

Госць1: Добры вечар у Вашу хату. Жадаем жыці вам багата.

Госць 2:

Шчадравала, шчадравала, пад акенца заглядала.
Што суседка напякла, прынясі нам да стала.

Госць 3: Шчадрую, шчадрую, каўбаску чую. Святы вечар добрым людзям.

Госць 4: А ў гэтай хаце ёсць што даці. Сам пан ходзіць і жыта ў яго родзіць.

Гаспадар: Добры вечар, госцейкі. Праходзьце, калі ласка. Раскажыце, дзе     бывалі, што бачылі, каго страчалі.

Госць 5: Шмат мы дзе бывалі, мех дабра нашчадравалі. І да вас вось завіталі.

Госць – павадыр Казы:

Мы ад хаты да хаты ідзём
і Казу з сабой вядзём.
Каб у кожнай хаце было багацце,
каб скаціна вадзілася
і пшаніца радзілася.
Гаспадар, падаруй нам з клеці рэшатам, а з печы – пірагом.

Гаспадыня: Пачакайце, пачакайце. Мы паглядзім, з чым вы да нас прыйшлі. А потым паглядзім, чым вас пачаставаць.

Госць 6: Мы прыйшлі да вас са Шчадроўкаю, ды з Каляднаю зоркаю. Каб добрымі былі ў вас каровы і самі вы былі здаровы.

Госць 7: Каб козы ў вас мэкалі, а бараны – бэкалі. Каб капуста ўрадзіла ўсім людзям на дзіва.

Госць 8: Каб вяліся ў вас цялушкі, кураняты, свінні, птушкі.

Госць-павадыр: Сто год жывіце, дзетак расціце. Мы прыйшлі да вас з Казой шэрай, ды вельмі смелай.

Гаспадыня: Хай ваша Каза пакажа, што ўмее. Няхай паскача, патанцуе, капытамі падлогу пабарануе.

 

          Госці спяваюць песню, “Каза” танцуе.

 

Го-го-го, каза,  го-го-го, шэра,
Дзе рожкі дзела? На соль праела.
Го-го-го, каза,  го-го-го, шэра,
Дзе каза бывае, там шчасце чакае.
Го-го-го, каза,  го-го-го, шэра,
Дзе каза ходіць, там жыта родзіць
Го-го-го, каза,  го-го-го, шэра,
Дзе каза нагою, там жыта капою.
Го-го-го, каза,  го-го-го, шэра,
Дзе каза хвастом, там жыта кустом.
Го-го-го, каза,  го-го-го, шэра,
Дзе каза рогам, там жыта стогам.

Госць-павадыр: Ну-тка, Козанька, расхадзіся. Па ўсяму двару разгуляйся-паскачы, гаспадароў барадою паказычы.

 

          “Каза” скача, махае барадой. Потым падае на зямлю.

 

Госць-павадыр: Што гэта стала? Мая каза ўпала, ссохла-прапала. Нясі, гаспадынька, кусок сала, каб каза ўстала.

Госць 1: Нясі мерку аўса, каб каза пайшла.

Госць 2: Нясі мерку жыта, каб каза была сыта.

Госць 3: Нясі каўбасу, каб вылечыць казу.

Госць 4: Нясі яек сіта, каб каза ўстала на капыта.

Гаспадыня (частуе Казу): На, козачка, падсілкуйся, стравамі смачнымі пачастуйся.

Госць-павадыр: Вось козачка і ўстала, адразу ўсім весела стала.

Гаспадар: Ну-тка, Козанька, не ляніся, з гасцямі разам пагуляй-павесяліся. Давайце, госці даражэнькія, у гульню пагуляем, якая называецца “Каза-бадуля”.

 

Гульня“Каза-бадуля”

          Пасярод залы на падлозе ляжыць абруч – домік “Казы”. Дзеці падзяляюцца на дзве групы. Адна група жыве ў “доміку” на адным баку залы. Другая – у “доміку” на другім канцы. Месца паміж двумя дамамі называецца полем. Дзеці размяшчаюцца ў сваіх дамах і пачынаецца гульня.

          ”Каза” зірне направа, зірне налева і крыкне: “Хто мяне баіцца?”

          А дзеці адказваюць: “Ніхто!”

          Пасля адказу дзеці перабягаюць са свайго дома ў другі цераз поле. Бягуць і задзірыста падражніваюць “Казу”:

Каза-бадуля, калматая рагуля!

Рожкі крывыя, ножкі слабыя!

“Каза” выскоквае са свайго дома і ловіць дзяцей. Трэба старацца выкруціцца ад Казы. Той, каго Каза схопіць, становіцца яе памочнікам і разам з Казой ловіць іншых.Так працягваецца да таго часу, пакуль усе не будуць злоўлены. Дзеці могуць забягаць у свой дом, каб адпачыць, але заставацца там доўга нельга.

 

Госць-павадыр: Каза мая стамілася, пад плот павалілася. Дай её кваску мядовага ды сенца шаўковага!

Госць 5: Ды і нас, гаспадынька, пачастуй!

Гаспадыня: Каза пачастункі зарабіла, цяпер і вы зарабіце. Адгадайце мае загадкі:

          1) Маленькі, кругленькі, можна зматаць, а за хвост возьмеш – не падняць (клубок).

          2) Сядзіць ткач у куточку, тчэ нітку на станочку. Нітак многа, а ў клубок не зматаеш (павук і павуціна).

          3) Скача гаспадар па падлозе на адной назе. Гасцей у кучу збірае ды вон выганяе (венік і смецце).

          4) Не брэша, не кусае, а ў хату не пускае (замок).

Гаспадар: А вось я хачу ад вас, госцейкі, пачуць, нашто на Каляды пад абрус сена кладуць? А ну адгадайце! Хто правільна адкажа, таму гаспадынька салам губы памажа!

 

          Гучаць розныя версіі, нехта адказвае правільна (Каб лепшы ўраджай быў на наступны год).

 

Гаспадыня: Праўда, праўда, такі калядны звычай: чым даўжэйшая трава, тым лепшы ўраджай будзе.

Гаспадар: Пляскайце ў ладкі, адгадалі ўсе загадкі! Атрымайце пачастункі –смачныя гатункі. 

Гаспадыня:

Гой, ладачкі-ладкі! Надышлі Калядкі!
Надыйшлі Калядкі! Напяклі аладкі!
Мы надралі таркаю дранікі духмяныя.
Хочаш – еш са скваркаю, хочаш – са смятанаю.

Аленка:

Вось вам, калі ласка, з жэрдачкі каўбаска!
Вось кавалак пірага, каб не брала вас туга

Пятрок:

Гой, ладачкі-ладкі! І мядок салодкі
Да лясной гарбаткі наліем у сподкі
І запахне рутай, верасам, чаборам,
Каб зімою лютай вам не знацца з горам.

Гаспадар:

Бярыце з талеркі лізунцы, цукеркі!
Цешце сябе, цешце, галубкі́-галу́бкі.
Ешце ўволю, ешце, ды не псуйце зубкі.

Гаспадыня:

Бохан – поўняй яснаю, яйкі, бульба, скваркі.
Гэта ўсё з уласнае нашай гаспадаркі.

Гаспадар:

А ў гэтым сагане калядная куцця,
А з ёю цэлы год заможнага жыцця!

Госць 1: Дзякуй, гаспадары! Жывіце ў згодзе і багацці, каб у вашай хаце заўсёды было чаго даці.

Госць 2: Дзякуй гэтаму дому! Пара нам ужо ісці к другому!

Госць 3: Шчодрых гаспадароў трэба ўшанаваці, на развітанне ім песню паспяваці!

 

Усе разам спяваюць песню-шчадроўку “На нова лета””

 

На нова лета няхай родзіць жыта
Шчодры вечар, багаты вечар – 2 разы.
Жыта, пшаніца, усякая пашніца
Шчодры вечар, багаты вечар – 2 разы.
Жадаем табе, пане гаспадару,
Шчодры вечар, багаты вечар – 2 разы.
Мядок варыці, сыноў жаніці
Шчодры вечар, багаты вечар – 2 разы.
Масла збіраці, дачок аддаваці.
Шчодры вечар, багаты вечар – 2 разы.
Жыці ў багацці, згодзе і шчасці.
Шчодры вечар, багаты вечар – 2 разы.
Жыці-бываці, горачка не знаці
Шчодры вечар, багаты вечар – 2 разы.

 

          Калядоўшчыкі выходзяць з залы.

 

Гаспадар: Ну вось, госцейкі нашыя пайшлі. Вам, дзеткі, пара класціся спаць, каб сны добрыя прысніліся. А мы пойдзем да суседзяў, пашчадруем ды павіншуем іх з Новым годам.

 

Поделиться ссылкой:

Драматургія Кирмаш

  1. Кульмінацыя

У хату прыходзіць “Талака”. Праводзяць гульні, танцы, загадваюць загадкі, спяваюць песні, чвстуюцца прысмакамі.

  1. Фінал

Усе разам спяваюць развітальную песню “Бывайце здаровы, жывіце багата”.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

2. 2 Літаратурны сцэнарый тэатралізованнага прадстаўлення

“Талака”.

 

(Тэатралізованнае прадстаўленне праводзіцца пад час правядзення фальклорнага свята “Мой родны кут”  на цэнтральнай плошчы горада Рэчыца.)

 

 

 

Сцэна закрыта. Гучыць лірычная беларуская музыка.

 

Скамарох: Прывітанне добрым людзям! “Талака” сягодня будзе. Песні, гульні, анегдоты, Смех, і танцы, і прыгоды Запрашаем ўсіх ласкава На вясковыя забавы!

 

 

На сцэне з ‘яўляецца хлопец Васіль.

 

Васіль: Эх, павандраваў я па свете. Шмат усяго цікавага бачыў. Але лепш нідзе няма, як у роднай вёсцы. Ох, добра адчуваць пад нагамі зямельку родную. Вёсачка наша хоць і невялічкая, затое багатая і працавітая, вядомая на ўсю ваколіцу. А вы хіба пра яе не чулі?! Не можа такога быць. Тут жа такія справы вынікаюць, што надта кожнага займаюць. Тут разам і ў поле на працу і разам на адпачынак. “Талакой” ўсе справы робяцца, словам: “Талакой” – працуем, “Талакой” -адпачываем. Не верыце ? Ну, дык глядзіце, заўважайце і на вус матайце. А вось і самыя вядомыя цёткі на ўсю вёску. Хоць і сварлівыя, але праз дзень зноў ужо найлепшыя сяброўкі.

 

(На  сцэне з ‘яўляюцца Сымоніха  і Лявоніха.)

Лявоніха: Добры дзень, Сымоніха!

Сымоніха: Добры дзень, Лявоніха!

 

Лявоніха: А даўненька мы з табою не бачыліся, суседачка.

Сымоніха: А я во , іду даведацца, як ты маешся, міленькая.

Лявоніха: Эт, жыву – гадуюся, як той гарох пры дарозе, кратаюся як калеча. А што чуваць у цябе, кумачка – любачка?(У бок, каб не чула Сымоніха) Трасца табе ў бок, ліха тваёй матары. Прыйшла ты даведацца, што ў маёй хаце робіцца.

Сымоніха: Эт, добра не чуваць, і ад ліха не ціха. Ой, мая бедная галовачка! Ой, жыццё маё палыном – травіцаю зарасло. Прыяцельніцы ж можна крыху паскардзіцца ды пажаліцца (Убок). Каб ты не дачакалася, пакуль табе буду хваліцца, нячыстая душа, багаццем сваім. Працую і жыву, Бог і рублічкам, і тым, і сім не абмінае. (Убок). Я ж не такая крывуля, як ты!

Лявоніха: Скажы, любанька, твой Сымон ужо перастаў піць? Ен да цябе рукамі болей не соваецца? (Убок). Думаеш, не ведаю, як тваю скуру лупіць і ўдзень і ў ночы? Але ты і гэтага мужыка не вартая!

 

Сымоніха: Ха – ха – ха, золатца маё, дзякаваць Божаньку, як толькі знахар даў мне той вады, дык як рукою адняло — другім чалавекам Сымон зрабіўся: цяпер у мяне не жыццё, а проста рай. (Убок). Хоць трэскайся, хоць лопайся, хоць макам рассыпайся, не буду табе на радасць жаліцца, што ў мяне бакі пабітыя, як цапамі, ад жалезных кулакоў Сымона.

Лявоніха: А праўда кажаш, дальбог праўду! Ты цяпер нават куды лепей выглядаеш. Такая чырвоненькая, кругленькая, як тая макавачка, аж зайздросць бярэ. (Убок). Прыгажэйшую за цябе ў труну кладуць. Ой, добранька ведаю тваё жыццё – быццё пякельнае. А скажы, суседачка, ну ніхто ў нашым сяле так дружна не жыве, як мы з табою. Хадзі ка мне, зязюлячка, у хату. Пагаварым аб тым да аб сім.

 

Сымоніха: Не, лепей ты да мяне!

 

Лявоніха: Як, ты ганьбуеш маёй хатай?

 

Сымоніха: Як, ты пагарджаеш маім кутком?

Лявоніха: Ты – такая, ты – сякая!

Сымоніха: Ты – сякая, ты – такая!

Лявоніха: А ёй, а Божа ж ты мой, а што ж гэта робіцца? А каб цябе паляруш, мая ты кветачка, каб табе дух заняло, мая ты ягадка!

Сымоніха: Гэта, каб цябе пранцы з’елі. Каб у цябе пуп развязаўся, чапля ты востраносая. Хадзіць і то палюдскі не ўмееш, ківаешся з бокуна на бок, як тая качка.

У гэты час на сцене з’яўляецца хлопец Васіль, які праходзіць каля жанчын. Убачыўшы яго жанчыны змаўкаюць.

 

Васіль: Цётка Лявоніха, цётка Сымоніха, ды чаго вы сварыцеся у такі дзень?

Разам: У які дзень?

Васіль: Хіба ж вы не ведаеце. Сёння ж у цёткі Ганны “Талака” (уходзіць).

Лявоніха: Як гэта суседачка “Талака”? “Талака”, ды без нас?! (уходзяць).

Сцэна адчыняецца. Ухаце на лаўке сядзяць чатыры дзяўчыны. Дзяўчаты прыхарашваюць сябе, раз -пораз заглядваюць ў вокны, чакаюць гасцей, ціха спяваюць песню “А ў гарадзе вербарасла”. Гаспадар, стары дзед, выкочвае ступу, потым сядае на лаўку. Гаспадыня гатуе ля печы вячэру.

 

Дзед:    Баба, а баба, ты дзе?

 

Баба:   Да тут я, ля печы.

Дзед:    Ці хутка ты тое семя спражэш? А то я з таўкачом увесь вечар прачакаю.

 

Баба:    Табе можна зараз і пачакаць, тож не

сякераю махаць. Людзі талакою бульбу з пограба вынеслі перабралі, пасадзілі, засталося йё толькі вырасці.

Дзед:    Во, во хутка талакоўшчыкі завітаюць, а я з таўкачом, а не з прысмакамі.

 

Баба:    Усяму свой час. Я ужо і бульбачкі наабірала, і пеўня асмаліла – усё смажыцца.

Дзед:   (устае з  лаўкі) Ох-хо-хо, старасць не радасць.

Баба:   Ды што ты ўсё крэкчаш, скрыпіш, як непамазаная цялега?

Дзед:   Як быў я малады, дык ўсюды паспяваў, а як стары стаў, дык і дапамога спатрэбілася.

Баба:   Ну, годзе, годзе, табе Ясь журыцца, ёсць і для цябе справа. Семя спрэглася – таўчы.

 

За кулісамі гучыць гармонік, чуваць дзявочы смех. У “хату” заходзяць  талакоўшчыкі, за імі суседкі -Сымоніха і Лявоніха.

 

 

Хлопец:   Добры вечар таму, хто у гэтым даму.

Дзяўчына:  Праз ваш дварок, цячэ ручаёк Масці кладачку, заві ў хатачку.

 

Хлопец:   Ці можна да вас ў хату?

 

Дзяўчаты (які быліў хаце наперабой): Заходзьце, калі ласка! Заходзьце!

Гаспадар:   Добры вечар! Добрым памошнікам у гэтай хаце заўсёды рады.

 

Гаспадыня:   Паважаным гасцям – паважаныя месцы!

Гаспадар:  Праходзьце, сядайце, госцейкі дарагія!

  1. ы удзельнік: Сядзем радком – пагаворым ладком!

2- і удзельнік:   За добрай размовай і справы хутчэй робяцца.

  1. і удзельнік: А самое галоўнае, каб наша “Талака” заўсёды квітнела і ніколі не згасала.
  2. йудзельнік:  Якая справа, такая і слава.
  3. й удзельнік: Але ж якая справа без песні.

Гучыць беларуская народная песня “Талака”.

 

Гаспадыня:   Добрую вы песню праспявалі. А ці ведаеце вы адкуль узялася беларуская песня?

 

Усе:  Не, раскажыце.

Гаспадыня:  Ішлі тры падарожнікі. Ішлі яны тры дні і тры ночы, ды яшчэ паўдня. Прытаміліся. Прыселі. Раптам чуюць — нехта спявае. Прыслухаўся першы:

  • Відаць, жаўранак.
  • Не, – кажа другі, – гэта лес шуміць. А трэці прыпаў вухам да зямлі і прашаптаў:

– Дык гэта ж зямля наша беларуская спявае.

 

Лявоніха: Годзе, годзе, вам спрачацца, годзе,

Годзе,гаварыць. Трэба польку драбней маку.

Пад гармонік задрабіць.

Танцуюць польку. Пасля танца  чуецца стук у дзверы.

 

Гаспадыня: Ясь, выйдзі ў сенцы, паглядзі, хто гэта яшчэ да нас завітаў.

 

 

Уваходзіць першая кабета, за ёй другая.

 

Першая кабета: Добры вечар, гаспадарам! Добры вечар, гасцям! Фу… нарэшце я дабралася да вас. Так прытамілася. Трэба крыху аддыхацца. Давайце знаёміцца. Завуць мяне Гарпіна Дарамідонтавна (бачыць другую кабету).Ой, а ты чаго тут?

Другая кабета: Я сягодня цётке Ганне дапамагала бульбу перабірать ды саджаць, вельмі багата хлопцаў у яе бачыла ў памочніках, вось і прыйшла на “Талаку” жаніха пашукаць.

 

Першая кабета: Ой! Жаніха пашукаць, паглядзіце на яе, як у тым анегдоце:

Пані з брыдкім і  страшным тварам, наняўшы фурманку, пытаецца ў фурмана:

– Ваш конь не выверне, ён  не баязлівы?

– Нічога пані, сядайце:  ён не будзе назад аглядацца.

 

Другая кабета: Ты лепей на сябе паглядзі, да цябе каб жаніха знайсці трэба сто кіло скінуць.

 

Першая кабета:  А ты ведаеш, што сваё сала не цяжкае. А мужчынам такія як я, жанчыны, вельмі спадабаюцца. Так я кажу хлопцы, ці не?!

Другая кабета: Ты толькі языком балбатать умееш! Пра такіх як ты, у нас кажуць: “Параска, Параска, у языку ў цябе траска”.

Першая кабета: А пра такіх разумных як ты, кажуць: “Гром грыміць, зямля трасецца, Дуня з торбаю нясецца!” Ой, да хопіць ужо. Поглядзі, лепей якія гарныя хлопцы сядзяць. Прыгожыя, маладыя, як дубы. Што спяваць, што працаваць на усё малайцы.

Другая кабета: А я ж табе пра гэта ўжо цэлую гадзіну кажу, але ж гэтых хлопцаў трэба праверыць, якія яны на самой справе. Хлопцы, а ці любіце вы жартаваць? Асабліва на лева? Дык зараз і пагуляем з вамі ў гульню, якая называецца “Каханка”.

 

Ідзе гульня “Каханка”. Пасля  гульні

Першая кабета:  Ой, малайцы хлопцы! Відаць не адзін раз апраналі і распраналі жанчын, даводзілі сваіх сяброў да слёз ад смеху. Каб вы яшчэ нашым дзяўчатам паказалі як вы умееце танчыць, вось было б добра!

 

Ідзе танец “Лявоніха”. Пасля танца дзяўчына Алёна падыходзіць  да хлопца Васіля.

 

Алёна: Васіль, а Васіль, вазьмі мяне заўтра у горад.

Васіль: Паглядзім на твае паводзіны (усміхаецца) Алёна: Ну і не трэба.

Васіль (абдымае Алёну):ІІаедзем, паедзем, Алёна! Я цябе не толькі ў горад, а і ў сталіцу завязу. Але што я за гэта атрымаю?

 

Алёна: Мех кулакоў. I паўмеха авансам усыплю (частуе яго тумакамі ў грудзі).

Васіль: Ну-ну, я ж табе не падушачка пухавая, каб мяне падбіваць.

Алёна: Будзеш ведаць другі раз.

Васіль: Вось і жаніся на такой.

Алёна: А ты б спытаў на перад, ці пайду я за цябе.

 

Васіль: А дзе ж ты денешся? Ваша ж дзявочая доля такая: бяруць – ідзі, абдымаюць -сядзі.

Алёна: Бывае і наадварот: браў бы, ды рукі кароткія.

 

Васіль: Гэта бывае рэдка, як град улетку (смяецца)

Дзяўчына: Ды перастаньце вы, давайце лепш песню заспяваем “Падушачка”.

 

Усе становяцца ў круг і пад музыку перадаюць падушачку па крузе, калі музыка сціхне іў каго ў руках застанецца падушачка, той становіцца на яе, на калені, і цалуе каго захоча.

 

Першая кабета: А што гэта мы ўсё спяваем ды скачам? Нічога не расказваем. Ганна, ты лепш нашай “Талаке” паведай, як ты, за Яся замуж ішла?

 

Гаспадыня: У нас з Ясем усё было як у той казцы.

 

Другая кабета: У якой яшчэ казцы?

 

Гаспадыня: А вы што, не ведаеце? Ну дык слухайце. Паехаў раз царскі сын на паляванне ды заблудзіўся ў лесе. Цэлую ноч блукаў, толькі пад раніцу натрапіў на вёску. Завярнуў ён да адной хаты, зайшоў у дзверы. 3 – за кроснаў устала дзяўчына.

Ідзе тэатралізація  казкі.

 

Дзяўчына: Дрэна калі двор без вушэй, а хата без вачэй.

Царэеіч (убок):  Што гэта яна загадкавае сказала? Мо не пры сваім розуме. (да дзяўчыны) Адна жывешь ці бацькі ёсць?

 

Дзяўчына: Бацькі пайшлі ў пазыку плакаць, а брат пагнаў сто рублёў на пятак меняць.

Царэвіч:   Нічога не разумею. (Убок). Якая прагожая! Белы свет абыдзі – такой не знойдзеш. Толькі пра што яна сказала? (да дзяўчыны) Што ты сказала пра двор без вушэй і пра хату без вачэй? Я не разумеў.

Дзяўчына: А што тут дзіўнага! Ты не здагадаўся, што вушы двара – сабака. Каб ён быў у двары, то забрахаў бы на цябе, а я ведала б , што хтосьці чужы ідзе. Вось табе і двор без вушэй. А хата без вачэй -хата без дзяцей. Каб былі ў сям’і дзеці, яны б праз вакно ўбачылі чужога чалавека і сказалі б пра гэта.

 

Царэвіч: Ну, а пра бацькоў і брата што ты сказала?

 

Дзяўчына (убок): Ой, які ты бесталковы, нездагадлівы! (да царэвіча). Бацькі пайшлі ў пазыку плакаць, бо пайшлі яны на могілкі, на пахаванне суседа. А калі самі памруць – тады добрыя людзі прыйдуць іх пахаваць да паплакаць. Брат сто рублёў пагнаў на пятак меняць – гэта паляванне, бо брат на сторублёвым кані ганяе зайцоў. Упалюе зайцоў – прыбытку на пятак, а каня загоніць – страты на сто рублёў.

Царэвіч:   Такой разумнай і прыгожай дзяўчыны я не сустракаў. Ажанюся толькі з ёй.

Дзяўчына: Вось так неразумны царэвіч ажаніўся на разумнай дзяўчыне.

 

Узяўшыся  за рукі выходзяць за кулісы.

Дзяўчына: Якія цудоўныя загадкі яна царэвічу загадвала.

Гаспадар: Хлопцы, дзяўчаты, а хто з вас ведае загадкі?

1-я удзельніца: А загадкі у нас двухсэнсовыя, але не пра тое што вы падумаеце.

Пайшоў пан да паненкі, пазычыць попіхэнкі. Паненка сказала: “Грубага маеш, не вапхнеш”.

 

(кравец, палец, напёрстак)

2-й удзельнік: Прыйшоў да мяне, памацаў мяне,

Падняў капоту, залез на мяне, Сагнаў ахвоту і злез з мяне.

 

 

(печ)

 

3-й удзельнік: У дзеда вісіць, у бабы ззяе Дзед папросіць – баба дае.

 

(калодзеш і журавель)

 

4-й удзельнік: Нагою топну, жыватом прыжму. Адкрыецца камлаціца – галыша ўваткну.   

                                                  (кросны)

5-йудзельнік: Узлезь на мяне, пацялёпкай мяне

Мне стане лягчэй, табе стане смачней.

 

(яблыня)

Гаспадар: Дзякуй, вам, за такія загадкі. А мы вам з гаспадыняй, за гэта, танец падарым. Нашы ножкі туп-туп-тупацяць і на месцы не стаяць.

Ідзе гумарыстычны танец “Заёнец”. Пасля танца. Баба:   Ну, дзед! Як бульбу саджаць – дык стары ды хворы… А як сказаць – дык адкуль і сілы ўзяліся.

Дзед:   А каб ты мая бабулечка, маладейшая была, як калісці, дык я б ого-го-го (усе рагочуць).

Баба: Бач, што ўспомніў… Яшчэ успомні, што пры панах было…

Дзед: А то і ўспомню…

 

Ідзе гульня “Як служыў я ў пана…”

 

Дзяўчына: А зараз хлопцы і дзеўкі

                    Пачынаем пець прыпеўкі!

                  Хто капялюш адзявае,

                   Той прыпеўкі заспявае.

 

Сымоніха: А чаму ж, Ганначка, сёння ты нас нічым не частуеш? Ты ж такая добрая гаспадыня. Не пачаставаць “Талаку”, гэта велікі грэх.

Лявоніха: Ганна, а што так смачна пахне ў тваёй хаце?

Гаспадыня ( нясе прысмакі на стол): Вы лепей не пытайце, а на стол хутчэй накрывайце?

Сымоніха (нясе бульбу): А бульбачка якая? Смак.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *